Драздовіч Я.Н.

1 октября, 1888
15 августа, 1954
Драздовіч Язэп Нарцызавіч (Дроздович Иосиф Нарциссович)

Беларускі мастак, скульптар, этнограф, археолаг, педагог. Адзін з заснавальнікаў беларускага нацыянальнага гістарычнага жывапісу. Нарадзіўся ў сям'і збяднелага шляхціца-арандатара ў засценку Пунькі Дзісненскага павета Віленскай губерніі. У два гады застаўся без бацькі, яго і пяцёра братоў выхоўвала маці Юзэфа, неўзабаве сям'я засталася без зямлі і дома. Вучыўся ў прыватнай настаўніцы, пасля скончыў Віленскую школу малявання (1908). У 1910—1914 гг. служыў у арміі, дзе скончыў фельчарскія курсы, у Першую сусветную вайну — на Заходнім фронце. Пасля звальнення з арміі з-за стану здароўя жыў у родных, сваякоў на Дзісеншчыне ў фальварку Лявонаўка каля в. Германавічы, пасылаў у «Нашу Ніву» допісы пра клопаты хлебаробаў-землякоў. У 1919 г. працаваў у Беларускім літаратурна-выдавецкім аддзеле пры Камісарыяце асветы БССР. У 1919—1920 гг. у Мінску: мастак-дэкаратар у «Беларускай хатцы», Беларускім дзяржаўным тэатры; у 1919 г. арганізаваў культурна-асветніцкае таварыства «Заранка», якое адкрывала школы, аматарскі тэатр, бібліятэку; выкладаў малюнак у беларускай гімназіі і жаночай прагімназіі, супрацоўнічаў з літаратурнымі выдавецтвамі як ілюстратар. Пасля вяртання на Дзісеншчыну, якая паводле Рыжскага дагавора (1921) адышла да Польшчы, у 1921—1924 гг. — кааператар, у 1921—1922 гг. спрабаваў арганізаваць на радзіме беларускія школы. У 1924—1926 выкладаў маляванне ў Глыбоцкай польскай школе, актыўна супрацоўнічаў з ТБШ. Працаваў у Радашковіцкай беларускай гімназіі імя Ф. Скарыны. У 1926—1927 супрацоўнічаў у сатырычным часопісе «Маланка». У 1927 заснаваў мастацкую студыю пры Віленскай беларускай гімназіі. У 1927—1929 выкладаў маляванне ў Навагрудскай беларускай гімназіі, вёў работу па зборы экспанатаў для Віленскага беларускага музея. У 1931—1939 — вандроўны мастак. Пасля далучэння Заходняй Беларусі да БССР вучыўся на кароткачасовых настаўніцкіх курсах і ў 1940—1941 працаваў настаўнікам малявання і батанікі ў Глыбокім і Лужках.Памёр Я. Драздовіч у Падсвільскай бальніцы 15 верасня 1954. У музеі-пакоі народнай творчасці, што створаны ў мясцовай сярэдняй школе — яго карціны, дываны, графічныя работы, матэрыялы пра жыццё і творчасць майстра. Пахаваны ён на могілках паміж вёскамі Ліпляны і Малыя Давыдкі. У 1982 на магіле ўстаноўлена стэла з барэльефам «вечнага вандроўніка» (скульптар А. Шатэрнік). На радзіме мастака ў в. Пунькі Глыбоцкага раёна штогод праводзяцца міжнародныя пленэры яго імя.