ЗРУХІ. НАТАТКІ АБ ТВОРЧАСЦІ МІХАЛА АНЕМПАДЗІСТАВА

02.09.2016
Ірына Бяльзацкая. "Крыніца" №8, 1989

Чым адрозніваецца Міхал Анемпадзістаў ад большасці мінскіх мастакоў? Вам здаецца, што гэта простае пытанне? Хто ведае... Па-першае, ён не мае вышэйшае адукацыі. Здарылася так, што пасля заканчэння мастацкага вучылішча ён паступаў у інстытут — і праваліўся. Далей, ягонае галоўнае захапленне — плакат. Апроч таго, Анемпадзістаў займаецца жывапісам, але амаль выключна для сябе. Амаль усе яго жывапісныя работы нечаканыя па каляровых спалучэннях, па нагрувашчванні ламаных пласкасцей і аб'ёмаў. Яму гэта падабаецца. Перад намі жывапісец, рамантык, які працуе ў такім далёкім ад сантыментаў жанры, як плакат. Хіба гэта само па сабе не дзіўна? Але сказаўшы пра тое, што крыху адрознівае Міхала ад калег-мастакоў, звернемся да таго, што робіць яго адметнай постаццю на палітры сённяшняга мастацтва. Для Анемпадзістава плакат — гэта не проста публіцыстыка, не проста прапаганда. Гэта — зліццё публіцыстычнага плаката і мастацтва. Бо для таго, каб глядач не прайшоў міма, каб яго ўспрыняцце актывізавалася, а свядомасць і воля да дзеі былі накіраваны ў патрэбным напрамку, плакатыст павінен выкарыстоўваць самыя разнастайныя мастацкія сродкі, пачынаючы ад выяўленчых метафар і супералегорый, і канчаючы агульнапрынятымі сімваламі. Хаця, калі Міхал Анемпадзістаў сядае працаваць, дык не надта займае сябе думкамі пра тое, каб быць правільна зразуметым. ЁН проста самавыяўляецца. А яшчэ — думае пра тое, як успрымуць плакат ягоныя сябры і блізкія, і гэта, напэўна, правільна. Наўрад ці мастак, які арыентуецца ў сваёй працы на абстрактнага, сярэднестатыстычнага гледача, зможа паспяхова займацца творчасцю. Глядач, для якога твораць, павінен мець сваё аблічча, погляд, постаць, імя — тады і астатнімі твор будзе ўспрыняты правільна. Гэта Міхалава пазіцыя. А пра некан'юнктурнасць ягоных работ гаворыць хоць бы тое, што большасць яго плакатаў — аўтарскія. Гэта значыць, што яны існуюць у адзіным экземпляры, захоўваюцца ў майстэрні мастака і не тыражыруюцца, хоць плакат сам па сабе — паліграфічнае ўзнаўленне арыгінала. А вось аб стане беларускага плаката гаворыць не дужа аптымістычна. Фраза, якая стала ўжо звыклаю апошнім часам, сказаная не адным спецыялістам, што «ёсць зрухі ў лепшы бок», адразу ж страціла сваё аптымістычнае адценне. Безумоўна, ёсць мастакі. ЁСЦЬ таленавітыя плакатысты. Але ім не пад сілу стварыць тое, што называецца школаю. I не таму, што яны працуюць кожны па-асобку і не дзеляцца адзін з адным сваімі плакатамі. Гэта якраз не абавязкова. Міхал, напрыклад, лічыць, што ідэі носяцца ў паветры і нейкія тэндэнцыі, якія аб'ектыўна наспяваюць недзе «ў паветры», адначасова рэалізуюцца рознымі людзьмі, магчыма, нават незнаёмымі. Колькасць людзей значэння не мае. Напрыклад, шэсць. Як на яго погляд, дык шэсць чалавек могуць стварыць нацыянальную школу. Але гэтыя шасцёра павінны адпавядаць аднаму-адзінюткаму патрабаванню: яны павінны бліскуча ведаць нацыянальную культуру, гісторыю, псіхалогію народа. А нашы таленавітыя адзінкі, на ягоную думку, як след гэтага не ведаюць. Значыцца, калі мастак не памыляецца, не варта спадзявацца ў бліжэйшыя гады пачуць словаспалучэнне «беларуская школа плаката», і застаецца радавацца хоць бы таму, што ёсць усё-такі «таленавітыя адзінкі» і «зрухі ў лепшы бок». Яшчэ адно захапленне Анемпадзістава — панк-культура. На ягоную думку, гэта вельмі моцная рэакцыя на шэрасць, манатоннасць, аднастайнасць побыту. Хіба панк-культура уяўляе сёння сабою альтэрнатыву. Дарэчы, адзін з ягоных плакатаў так і называецца — «Альтэрнатыва шэрай сцяне». Апроч таго, Міхал сцвярджае, што калі прайсці па нашым горадзе і паглядзець на яго ўважліва, дык можна лёгка зразумець, што Мінск — найспрыяльнейшая глеба для зараджэння і развіцця панк-культуры. Міхал любіць панк-рок і ў некаторых сваіх работах спрабуе графічна перадаць тэксты песень панк-груп (Казікавы метамарфозы). А яшчэ ён любіць Босха і Брэйгеля. А яшчэ — раннеславянскі жывапіс. А яшчэ — сучасную эстонскую літаратуру. А яшчэ... Яшчэ — багата чаго. Думка, укладзеная ў плакат Анемпадзістава, дакладная, спрэсаваная, з максімумам інфармацыі, з ясна пазначанай аўтарскай пазіцыяй. Усе ягоныя работы неадназначныя. Напрыклад, што азначае «свіння-скарбонка»? Першае ўражанне: соцыум, замкнёная прастора грамадства. А аўтар сцвярджае, што гэта — выява чалавечае псіхалогіі, значыцца, у адрозненне ад ягоных жывапісных работ, у плакатах прысутнічае той самы «трэці сэнс» (ці другі, ці чацвёрты), які не вызначаецца на падставе першага ўражання. А гэта, у сваю чаргу, азначае, што над ім трэба думаць. Не бяруся аналізаваць плакаты Міхала Анемпадзістава. Няхай крытыкі ацэньваюць іх выяўленчыя вартасці і публіцыстычнасць. У нас, гледачоў, погляд трохі іншы.

Добавить комментарий