Рэвалюцыйны плакат 1920-х.

01.02.2017
Людміла Налівайка, Яўген Шунейка Часопіс "Мастацтва"

Людміла Налівайка, Яўген Шунейка

Часопіс "Мастацтва"

№ 9 (342) 01.09.2011 - 30.09.2011 г

З гісторыі барацьбы за грамадзянскую свядомасць

На пачатку ХХ стагоддзя ў перыяд грамадзянскай вайны і іншаземнай ваеннай інтэрвенцыі беларускае выяўленчае мастацтва набывала палітызаваны статус і было цесна звязана з ідэямі рэвалюцыі і нацыянальнага адраджэння, з лозунгамі аб волі і незалежнасці... Тагачасная прэса абвяшчала пра рух рэвалюцыйных ідэй на захад: Беларусь станавілася сапраўдным плацдармам барацьбы. У 1919 годзе газета «Звезда» пісала: «Пры ўездзе ў любы горад Мінскай губерні, у любое мястэчка вы бачыце свежарасклееныя плакаты, друкаваныя там, дзе ёсць друкарні, рукапісныя — дзе іх няма». Адзін са сведкаў гэтых падзей — філосаф Ігнат Абдзіраловіч вызначаў новы жанр палітычнага авантурызму наступным чынам: «На нашых вачох вырастала дзіўная сіла палітычных лозунгаў, так сама незразумелых, а часам пазбаўленых зместу, характару як самага рэакцыйнага, так і ультра-радыкальнага, якія маса сустракала дружнымі воплескамі» («Адвечныя шляхам», Вільня, 1921).

Беларускі плакат тых часоў з’яўляецца слаба даследаванай старонкай нашага мастацтва. Станаўленню агітацыйна-масавай прапаганды садзейнічалі Чырвоная Армія і яе структуры пры Палітаддзеле Заходняга фронту. У інструкцыях Палітаддзела ўказвалася, што «агітпункты — гэта прапаганда мастацкімі формамі і вобразамі ідэй сацыялістычнага будаўніцтва і папулярызацыя пралетарскага выяўленчага мастацтва».

Буйнымі цэнтрамі арганізацыі прапаганды станавіліся «Вокны РОСТА», дакладней — «Вокны сатыры РОСТА», плакаты, што ствараліся ў 1919—1921 гадах мастакамі, якія працавалі ў сістэме Расійскага тэлеграфнага агенцтва. Іх філіялы дзейнічалі і на тэрыторыі Беларусі — у Гомелі, Віцебску, Мінску, Магілёве. Адкрыліся майстэрні ў Гомельскай мастацкай школе імя Міхаіла Урубеля, Віцебскай школе рэвалюцыйнага ўзору. У смаленскіх пралеткультаўскіх майстэрнях вяліся эксперыменты па стварэнні новага «індустрыяльнага» мастацтва. Удзельнікамі мастацка-агітацыйнай працы з’яўляліся і такія вядомыя творцы, як Марк Шагал, Казімір Малевіч, Эль Лісіцкі, Саламон Юдовін, Аляксандр Быхоўскі, Аляксандр Ахола-Вало і шэраг іншых.

Сувязь «мастак — майстэрня — вуліца» стварала моцнае агітацыйнае асяроддзе. Да 1922—1923 гадоў школы «новага рэвалюцыйнага ўзору» знаходзіліся пад патранатам Наркамасветы, кіраўніцтва РОСТА, Пралеткульта, прафадукацыі і іншых устаноў. «Рэвалюцыйнасць» мастакоў знаходзіла ўвасабленне ў пошуках новых сродкаў: ад шматфігурных кампазіцыйных сюжэтаў да сімвалічных геаметрычных формаў. Усё выяўлялася на аркушах паперы з прымяненнем дзвюх-трох або нават адной фарбы. Выразаліся клішэ, рабіліся малюнкі на шкле, ішлі эксперыменты з раней невядомымі матэрыяламі.

Беларускі плакат 1920-х гадоў мае свае характэрныя прыкметы. Тэксты-заклікі складаліся стыхійна і, мабыць, без рэдагавання. Разглядаючы ілюстрацыйны матэрыял, можна гаварыць пра адсутнасць адзіных кампазіцыйных канонаў і штампаў (часта прымяняліся прынцыпы «злабадзённасці», характэрныя для народнага лубка, карыкатура, шарж, гратэск).

Кожнае аддзяленне РОСТА, кожная майстэрня прапаноўвалі свае непаўторныя ўзоры аптымістычнага альбо адмоўнага водгуку на падзеі жыцця. Гэта тэмы барацьбы з ворагамі Савецкай улады, сусветная рэвалюцыя, грамадзянская вайна.

Напрыклад, барацьба з інтэрвенцыяй — «панскай Польшчай» — знайшла ўвасабленне ў такіх творах, як «Селянін! Памешчык жадае зрабіць цябе рабом» Віктара Дэні (Масква), «Атэстат сталасці польскім панам» Уладзіміра Лебедзева (Петраград) і іншых. Знакамітымі ўзорамі агітацыйнага мастацтва сталі плакаты «Клінам чырвоным бі белых» Эль Лісіцкага (Смаленск, РОСТА), «Чырвоны набат» Аляксандра Быхоўскага (Клінцы, Гомельскае аддзяленне Дзяржвыда), «Сяляне! Здавайце лішкі» Якава Целішэўскага (Гомель, РОСТА), «Чырвонае полымя Кастрычніка распальвае пажар сусветнай рэвалюцыі!» Фёдара Іванчука (Магілёў, палітаддзел 16-й арміі).

Чырвоная і белая формы ў плакаце Эль Лісіцкага «Клінам чырвоным бі белых» — увасабленне дзвюх армій, якія размясціліся на аркушы, што імітуе ваенную карту. Праз суадносіны кругоў і трохкутнікаў мастак даходліва трактуе адзін з тыповых момантаў ваеннай стратэгіі, дзе «на карту» пастаўлены супрацьлеглыя сілы. Аўтар прыняў бок «чырвоных». Яшчэ адзін красамоўны факт выкарыстання эфектнага прыёму дэманструе Фёдар Іванчук: мара бальшавікоў аб сусветнай рэвалюцыі пададзена праз вобраз чырвонаармейца, які, нібы казачны Данка, нясе ў свет паходню рэвалюцыйнага агню. Мэта героя — падпаліць палацы буржуяў, пра што сведчыць неабмежаваная прастора гарызонту ў забудовах заходняй і ўсходняй архітэктуры. Тэма экспарту рэвалюцыі ўзнімалася і ў плакатах, выдадзеных у Гомелі і Мінску.

На аркушах з’яўляліся новыя сімвалы і героі, у якасці «адмоўных» выступалі паны, генералы, спекулянты. Галоўныя сімвалы і вобразы набывалі персаніфікаваны сэнс — «белыя», «чырвоныя», «кулак», «варожае гняздо»...

Плакаты не заставаліся ў баку і ад ваенных падзей. Водгукам на цяжар вайны сталі такія аркушы, як «Дапамажыце параненаму чырвонаармейцу», «Наступ» Аляксандра Быхоўскага. Яны ствараліся з мэтай выклікаць спачуванне і спагадлівасць да ахвяр вайны. Але для беларускага народа першая імперыялістычная вайна і барацьба з інтэрвенцыяй мелі трагічнае развіццё: тысячы людзей з заходніх тэрыторый накіроўваліся ў глыб Расіі, каб пазбегнуць голаду і смерці. Пра гэта плакат Быхоўскага «Левіяфан» (1920). Аўтар намаляваў натоўп людзей, які цягнецца па бясконцых дарогах, над ім змешчана біблейская пачвара ў выглядзе шматгаловага змея — сімвала канца свету.

Агітплакаты станавіліся часткай партыйнай работы. Распаўсюджванне іх часта суправаджалася надпісамі кшталту: «Усялякі, хто зрывае гэты плакат альбо заклейвае яго афішамі, чыніць контррэвалюцыйную справу». Існавалі інструкцыі наконт спосабаў падачы ілюстрацыйнага матэрыялу: «...каб мастакі-дэкаратары не прымянялі ў сваіх кампазіцыях старой буржуазнай карціннай тэхнікі, а плакаты друкаваліся ў магчыма спрошчаным выглядзе».

Агітацыйная прадукцыя перыяду грамадзянскай вайны і інтэрвенцыі збераглася далёка не ўся. Таму такую каштоўнасць уяўляюць знойдзеныя ў Вільні аркушы «Рэвалюцыя і асвета», «Дзень Чырвонай Арміі. 1919», якія былі выдадзены на беларускай, літоўскай і яўрэйскай мовах. Гісторыя грамадзянскай вайны ўвасабляецца і ў творах, што сведчаць аб трагічнай з’яве тых часоў — «ідэалагічнай селекцыі», у выніку якой у Польшчу былі адпраўлены беларускія нацыянальныя святыні, напрыклад, харугвы і сцягі Грунвальдскай бітвы і паўстанняў Тадэвуша Касцюшкі, Кастуся Каліноўскага, калекцыя музейнай зброі і гэтак далей. Загад Леніна ад 1918 года аб «вяртанні» польскаму народу яго каштоўнасцей, якія знаходзіліся на тэрыторыі Беларусі, нанёс непапраўную шкоду нашай спадчыне. У той час на захад і ўсход вывозілася шмат унікальных артэфактаў. У гэтым сэнсе красамоўным прыкладам можна лічыць словы эмісара па справах аховы помнікаў з Петраграда Усевалада Дзмітрыева (у 1919 годзе ён узначальваў аддзел выяўленчага мастацтва Наркамасветы Беларусі ў Мінску): «Мы выдатна разумеем, што лес сякуць — трэскі ляцяць, што жывое дрэва рэвалюцыі ў сто разоў каштоўней за сотні альбо нават тысячы знішчаных рэліквій... Але не дзеля таго, каб захапляцца імі, збіраем мы помнікі мастацтва! Зусім наадварот — каб іх абясшкодзіць, каб вытравіць з іх заразу! Гэта «дабро» трэба сабраць і замкнуць у турмы-музеі!»

Тагачасных папяровых улётак і адозваў захаваліся адзінкі. Напрыклад, бясследна зніклі аркушы, якія выдаваліся аддзяленнямі Белнацкама: «Да таварышоў і братоў-беларусаў!», «Да беларускай інтэлігенцыі!». На тэму польскай акупацыі ў 1918 годзе ў Мінску былі выдадзены плакаты на яўрэйскай і польскай мовах. Афішы, аб’явы, праспекты таксама пашыралі агітацыю і прапаганду. Напрыклад, афіша 1919 года, у якой паведамлялася пра «Мінскую абласную выстаўку старажытнасцей, твораў мастацтва», — яскравае гістарычнае сведчанне сумеснай дзейнасці нямецкіх і беларускіх спецыялістаў у справе збораў каштоўнасцей беларускага мастацтва ў часы грамадзянскай вайны і інтэрвенцыі. Выстаўка экспанавалася ў Вільні, потым у Мінску. У 1925 годзе «Каталог» быў перакладзены на беларускую мову і выдадзены Віцебскім краязнаўчым таварыствам. У 1919 годзе ЦК кампартыі рэспублікі выдаў лістоўку «Да зброі!» У мірныя гады друкаваліся праспекты аб падпісцы на штогоднік «Беларускае мастацтва» (1921), аб адкрыцці выставак беларускай і ўкраінскай прэсы ў Варшаўскім універсітэце...

Тагачасныя плакаты валодалі характэрнымі прыкметамі той ці іншай мастацкай школы. Напрыклад, мастакі-авангардысты Віцебска працавалі з суадносінамі каляровых шматвугольнікаў, дэманструючы самастойнасць супрэматызму як сістэмы знакаў. Для гомельскай школы характэрна лагічная пабудова кампазіцыі, блізкая да карціны: сюжэт і яго галоўныя героі. У Смаленску тэма змагання з інтэрвентамі вырашалася з дапамогай сродкаў метафары, вострых параўнанняў... Так, у «Кайданах нявольніцтва» (Рэвваенсавет Заходняга фронту) фігура захопніка падаецца ва ўбранні сярэдневяковага ката з кайданамі ў руках. Непахісным супрацьстаяннем «кату» мастак (Ф.Лабрэнц) выстаўляе народную сілу і моц у вобразах старажытных віцязяў, якія выходзяць з марскіх хваль. Літаратурнай крыніцай вобразаў сталі героі паэмы Пушкіна. Цікавы плакат «Працаваць...», які быў выкананы пад уплывам супрэматычных эксперыментаў віцебскай мастацкай школы (Эль Лісіцкі ці яго майстэрня).

Плакатная вытворчасць кансалідавала аўтараў розных узроўняў, школ і напрамкаў. Разнастайнасць абумоўлівалася тым, што выданнем плакатаў займаліся шматлікія грамадскія і ваенныя арганізацыі. Існавалі і змешаныя тыпы — ваенна-творчыя. Архіўныя дакументы захоўваюць спісы членаў Саюза работнікаў мастацтва Масквы і Петраграда, якія «знаходзіліся на службе» ў Чырвонай Арміі. У розных частках Палітаддзела Чырвонай Арміі ў Смаленску працавалі Міхась Цеханоўскі, Уладзіслаў Стрэмінскі, Кацярына Кобра, Канстанцін Елісееў, Барыс Лалянкоў і іншыя. У Мінску майстэрства плаката засвойвалі Барыс Ульпі (загадчык аддзела мінскіх РОСТА), Генадзь Змудзінскі, Павел Гуткоўскі, Міхась Філіповіч. Арганізацыя БелРоста ў Мінску была створана ў 1920 годзе. У студзені 1921-га было заснавана Дзяржвыдавецтва БССР з аддзяленнямі ў Гомелі, Віцебску. Тэма агітацыйных аркушаў — барацьба з бандытызмам, дэзерцірствам, харчпадаткі і тавараабмен, рост камуністычнага руху ў Польшчы, гісторыя КПБ і іншае. Рэвалюцыйныя праекты садзейнічалі больш хуткаму засваенню тых ці іншых тэм і сродкаў выканання (стыль, сімволіка, кампазіцыя, шрыфт). Менавіта ў 1920-я гады ў плакатах з’явіліся кампазіцыйныя прыёмы ў выглядзе «зваротнай» перспектывы, павелічэння маштабу вобразаў галоўных герояў (прыёмы лубка і іконы), разбіўкі кампазіцыі на часткі (прынцып фотамантажу). Напрыклад, аўтар плаката «Будуць жыці дзеці...» Язэп Драздовіч прапанаваў шматчасткавую кампазіцыю, кожны фрагмент якой уяўляў з сябе асобны сюжэт з тлумачальным надпісам. Твор Драздовіча прысвечаны тэме адукацыі і адлюстроўвае прагу народа да ведаў, шчаслівага жыцця. Сваю творчую манеру меў мастак і гравёр Павел Гуткоўскі. Яму належаць шматфігурныя кампазіцыі з выкарыстаннем сімвалічных выяў — абагульненыя геаметрычныя формы, дзе побач з зямлёй, якую арэ селянін, разгортваюцца дадатковыя сцэны ў верхняй частцы аркуша. Там і рэвалюцыйная помста папам ды буржуям, і зоркі, маланкі, птушкі... У арсенале Генадзя Змудзінскага — прыёмы акадэмічнай школы. У яго кампазіцыях заўсёды прысутнічаюць коні, якіх ён шмат маляваў, калі служыў у арміі падчас імперыялістычнай вайны. Аркушы новай тэматыкі — барацьба з ворагамі савецкай улады. Рэалізацыя першых дэкрэтаў і загадаў патрабавала звароту да жанраў сатыры і шаржа, карыкатурных вобразаў. Барыс Ульпі (тэатральны мастак) імкнуўся да падрабязнай распрацоўкі кожнага асобнага сюжэта, гэтаму дапамагалі надпісы, змешчаныя пад кожнай карцінкай. Такі прыём фотастужкі засвойваўся вельмі актыўна. Прыклад — плакат «1 мая ў нас — 1 мая за мяжой». Аркушы Аляксандра Быхоўскага «Ліквідаваць непісьменнасць!», «Невукам не павінен быць ніхто» дэманструюць постаці тых, хто лічыцца «цёмным і непісьменным»: яны нагадваюць пачвар. Зварот да метафары вырашаецца вельмі дакладна: цёмны чалавек змешчаны ў ніжняй частцы аркуша, уверсе — вучоны з кнігай у руцэ.

У другой палове 1920-х актуальнымі станавіліся пытанні калектывізацыі, культурнай рэвалюцыі, супрацьстаяння буржуазнай ідэалогіі... Плакат усё выразней набываў статус прадстаўніка дзяржаўнай улады з ідэалагічнымі пастулатамі сацыялістычных пераўтварэнняў у грамадстве, рабіўся тлумачальнікам загадаў і дэкрэтаў. Прамалінейнасць, адкрытасць у вырашэнні тэмы змяняюцца дыяграмамі альбо проста наглядным ілюстраваннем тэкстаў. Асабліва актыўна распрацоўвалася тэма падаткаў, вялася агітацыя за ўступленне ў Чырвоную Армію. Прыёмы мантажу дазвалялі дзяліць аркуш па гарызанталях альбо вертыкалях на асобныя часткі з разгорнутым сюжэтам (прынцып фотаплёнкі) і галоўным героем у цэнтры. Усё гэта спрыяла больш хуткаму пераходу агітацыйнага жанру ў нішу ідэалагічнага кіраўніка з немудрагелістымі заклікамі «Здай лішкі!», «Будзь пільным!», «Наперад!» і г.д. У 1922 — 1923 гадах адной з галоўных стала тэма дапамогі галадаючым Паволжа. Вядома, што актыўны ўдзел у зборы сродкаў прынялі прадстаўнікі ўсіх слаёў грамадства, а таксама беларускія цэрквы і касцёлы. Напрыклад, толькі з ракі прападобнай Ефрасінні Полацкай на гэтыя мэты было знята сем пудоў золата. Другой надзённай тэмай стала барацьба з ворагамі. «Бандыты — зло нашых дзён» — надпіс на плакаце мінскага мастака Генадзя Змудзінскага. У некалькіх сцэнах паказаны карціны паэтапнага супрацьстаяння зламыснікам, якія хаваюцца ў глыбокім падполлі.

На рэспубліканскіх і ўсесаюзных выстаўках 1920—1930-х гадоў, у якіх актыўны ўдзел прымалі навучэнцы Віцебскага мастацкага тэхнікума, мастакі Гомеля, плакаты экспанаваліся як від графічнага мастацтва. У 1928-м да 10-годдзя БССР Наркамасветы аб’явіў рэспубліканскі конкурс на эскізы плакатаў, вулічных маніфестаў... Міхась Філіповіч — аўтар агітацыйных аркушаў «Рэбяты! Чытайце, выпісвайце выданні ЦК ЛКСМБ», «Выпісвайце,чытайце... » На старонках газет і часопісаў таксама друкаваліся плакаты з надпісамі, дзе ў даходлівай форме выказваліся ідэалагічныя патрабаванні ўлады. Яскравымі прыкладамі засваення новых жанраў агітацыі служаць «Савецкая Беларусь», «Піонэр Беларусі», «Работніца і сялянка» і іншыя выданні. Новыя аўтары тэм і графічных кампазіцый актыўна ўключаліся ў справу Беларускага Дзяржаўнага выдавецтва. Сярод найбольш вядомых — Генадзь Змудзінскі, Аляксандр Ахола-Вало, Павел Гуткоўскі, Барыс Берандгоф, Георгій Філіпоўскі. Яны даволі смела дэманстравалі свежыя кампазіцыйныя прыёмы постканструктывізму, мадэрнізму, рэалізму, выкарыстоўваючы вострыя ракурсы, актуальную сімволіку, чорна-белую пляму. Плакат Ахола-Вало, які ўбачыў свет 9 кастрычніка 1925 года на першай старонцы «Савецкай Беларусі», з’яўляецца сапраўднай падзеяй у гісторыі беларускага мастацтва 1920-х гадоў. Ідэя навуковага прагрэсу прагучала тут у поўную сілу: вакол Зямлі ў сусветнай прасторы рухаецца спадарожнік у выглядзе шасцярні!

З часам асноўным падыходам у мастацтве плаката ўсё актыўней станавіўся прымітывізм. У плакаце Змудзінскага «Ленін», які быў надрукаваны на старонках «Звязды» (1927), «масы» запаўняюць усю плошчу ля маўзалея, а імя «Ленін» напісана беларускімі літарамі. На старонках «Маладняка» Павел Гуткоўскі прадставіў плакат з гэткай жа назвай. На фоне сусветнай прасторы (зоркі, чорнае неба) у форме пяціканцовай фігуры аголены рабочы вялікім молатам выбівае партрэт правадыра.

Заключным акордам у справе выдання агітацыйных твораў на Беларусі можна лічыць спецыяльную пастанову ЦК КПСС 1931 года аб цэнтралізацыі плакатнай прадукцыі ў ОГІЗе — ІЗОГІЗе (Масква — Ленінград), што на доўгі час паставіла пад пытанне далейшае развіццё гэтай формы беларускай графікі.

Нягледзячы на тое, што беларускі агітацыйны плакат 1920-х гадоў прайшоў не надта доўгі шлях свайго станаўлення, ён застаўся надзвычай своеасаблівым этапам у гісторыі мастацтва ХХ стагоддзя. Шмат якія нашы плакатысты ў далейшым працягвалі сваю творчую біяграфію ў Маскве, Ленінградзе, Польшчы, Фінляндыі, Францыі і іншых краінах. У якасці прыкладаў варта згадаць біяграфіі і лёсы Аляксандра Ахола-Вало, Аляксандра Быхоўскага, Язэпа Драздовіча, Канстанціна Елісеева, Уладзіслава Стрэмінскага... Таму плакатныя аркушы 1920-х можна лічыць інтэрнацыянальным пластом культуры, мастацтвам, якое патрабуе да сябе больш уважлівага стаўлення. І пытанне пра вяртанне гэтай каштоўнай спадчыны мусіць быць пастаўлена з усёй вастрынёй.

Людміла НАЛІВАЙКА, Яўген ШУНЕЙКА

 

Добавить комментарий