ПАСЛАНЦЫ НОВАГА СВЕТУ

02.09.2016
Вячаслаў Шамшур, кандыдат мастацтвазнаўства

(Рухомыя агітацыйныя сродкі рэвалюцыйнай Беларусі) Грандыёзныя пераўтварэнні, выкліканыя Кастрычніцкай рэвалюцыяй, патрабавалі мабілізацыі ўсіх сродкаў ідэйна-палітычнай і асветна-выхаваўчай работы партыі ў масах. Вялікую ролю ў вырашэнні гэтай задачы здольна было адыграць мастацтва. Мінула 65 гадоў з таго дня, як 12 красавіка 1918 года У. I. Ленін падпісаў дэкрэт Савета Народных Камісараў «Аб помніках Рэспублікі». Мерапрыемствы, прадугледжаныя дэкрэтам, думкі, распараджэнні і заўвагі, выказаныя У. I. Леніным, утвараюць лагічнуіо і паслядоўную сістэму, вядомую як ленінскі план манументальнай прапаганды. Асновай плана з'яўляецца ўсеабдымная ідэя правадыра «рушыць наперад мастацтва як агітацыйны сродак». Манументальная прапаганда не абмяжоўвалася толькі ўстаноўкай помнікаў, яе прынцыпы і задачы мелі важнае метадалагічнае значэнне для развіцця ўсіх відаў савецкага мастацтва, паглыблення яго ідэйнага зместу, грамадскай скіраванасці. Яны ж сталі стымулам для новых ідэйна-эстэтычных пошукаў. Напрыклад, у галіне агітацыйна-масавага мастацтва выявіліся і рэалізаваліся яго самыя розныя формы і жанры: агітацыйная пластыка, палітычны плакат, тэатралізаваныя паказы на вуліцах і плошчах, афармленне агітацыйных цягнікоў, параходаў, трамваяў і іншыя. Ажыццяўленне плана манументальнай прапаганды на Беларусі набыло, нягледзячы на цяжкасці ваеннага часу, параўнальна вялікія маштабы і вызначалася разнастайнасцю праяў, якія шмат у чым залежалі ад мясцовых умоў. Істотны ўклад у гэта ажыццяўленне ўнеслі мастакі Масквы, Петраграда і іншых гарадоў. Нам дарагое ўсё, што звязана з рэвалюцыйнай эпохай, з яе мастацкімі традыцыямі. У іх мы знаходзім ідэі, якія не страцілі сваёй актуальнасці, чэрпаем тую творчую адухоўленасць і аптьшізм, якія ўласцівы разняволенаму народу. Шэраг даследаванняў апошняга часу разгортвае цікавыя старонкі развіцця агітацыйна-масавага мастацтва на тэрыторыі Беларусі. Аднак многія з іх яшчэ чакаюць сваёй чаргі. На аснове ўцалелых дакументаў (праўда, нешматлікіх) ёсць магчымасць аднавіць адну з такіх старонак: стварэнне і дзейнасць рухомых агітацыйных сродкаў — цягнікоў, параходаў, трамваяў і павозак — на тэрыторыі нашай рэспублікі. Яны гэтак жа, як і агітцягнікі ВЦНК, што прыбывалі сюды з Масквы, выконвалі адказныя палітычныя задачы Кастрычніцкай рэвалюцыі. У 1919 — 1920 гадах на тэрыторыі Беларусі пабывалі літаратурна-інструктарскія цягнікі імя У. I. Леніна, «Кастрычніцкая рэвалюцыя» і агітцягнік Палітаддзела Заходняга фронту «Чырвонаармеец». Яны спыняліся на станцыях вялікіх і малых гарадоў, дзе перад насельніцтвам выступалі агітатары, чыталіся лекцыі і даклады, арганізоўваліся мітынгі і гутаркі, дэманстраваліся кінафільмы, распаўсюджваліся палітычная літаратура, лістоўкі, плакаты. Вагоны былі пакрыты агітацыйнымі роспісамі і лозунгамі, якія надавалі цягнікам яркі і прывабны выгляд. Па сваёй лаканічнасці, вобразнасці і надзённасці тэматыкі многія роспісы нагадвалі палітычныя або сатырычныя плакаты. Усё гэта актыўна ўплывала на мясцовыя мастацкія сілы. Агітцягнікі афармляліся спецыяльным калектывам пры аддзеле агітцягнікоў ВЦВК пад кіраўніцтвам вядомага графіка I. Нівінскага. Тут былі вострая ідэйнапалітычная скіраванасць афармлення, даступная і дакладная форма выяўлення асноўных ідэй — асаблівасці, якіх часам не ставала ў работах мастакоў-прафесіяналаў. Пра бясспрэчныя мастацкія вартасці роспісаў і іх моцнае ўздзеянне на прысутных гаварыў і М. I. Калінін. Агітацыйныя цягнікі паслужылі адным са штуршкоў і наглядным прыкладам для самастойнага стварэння ў БССР не толькі такіх агітцягнікоў, але і іншых мабільных агітацыйных сродкаў. Ёсць звесткі, што яны бытавалі амаль ва ўсіх губернскіх цэнтрах, не ахопленых ваеннымі дзеяннямі. Выключнай актыўнасцю ў стварэнні і афармленні рухомых агітацыйных сродкаў вызначаліся партыйна-дзяржаўныя органы, культурна-асветныя арганізацыі і мастакі горада Гомеля. Першыя рэйсы агітпарахода, абсталяванага і дэкараванага ў Гомелі, адбыліея да ліпеня 1919 года. Яны былі прысвечаны «Дню савецкай прапаганды», які праводзіўся ў маштабах усёй краіны. Параход курсіраваў па рацэ Сож, спыняючыся ў прыбярэжных вёсках і мястэчках. На прыпынках арганізоўваліся мітынгі, выступленні прамоўцаў, даваліся канцэрты і паказы, распаўсюджваліся літаратура і лістоўкі. Магчыма, што повадам і ўзорам для з'яўлення гэтага агітпарахода паслужылі іншыя агітпараходы, якія пабывалі тут раней. Так, газета Гомельскага губвыканкома і Гомельскага Савета рабочых, сялянскіх і чырвонаармейскіх дэпутатаў «Путь Советов» за 11 чэрвеня 1919 года паведамляла, што «9 чэрвеня ў Гомель прыбыў літаратурна-інструктарскі параход Усеўкраінскага ЦВК «Памяці Леаніда Пятакова». Параход выйшаў з Кіева і рухаўся па Дняпры і Сажы, спыняючыся ва ўсіх населеных пунктах». Паведамлялася, што на параходзе меўся ўласны кінематограф і грамафон з пласцінкамі, на якіх былі запісаны прамовы вядомых рэвалюцыйных барацьбітоў. У Гомелі базіраваўся таксама культурна-асветны параход Палітаддзела Днепрваенфлоту «Балыпавік». Вялікі размах у падрыхтоўцы разнастайных рухомых агітацыйных сродкаў набыла работа ў Гомельскай губерні напярэдадні 2-ой гадавіны рэвалюцыі. Сярод мноства метадаў і прыёмаў агітацыі (мітынгі, святочныя шэсці, плакаты, лістоўкі, дыяграмы, выстаўкі), рэкамендаваных пастановай пленума Гомельскага губкома ад 15 кастрычніка 1919 года, адно з першых месцаў займалі агітацыйныя цягнікі, параходы і павозкі. Указвалася, што на іх «павінны быць сканцэнтраваны ўсе віды агітацыі». Гэтым падкрэслівалася перавага рухомых сродкаў агітацыі, якія аб'ядноўвалі ў сабе шматгранны комплекс спосабаў ідэйнага і эмацыянальнага ўздзеяння, што ў канчатковым ліку вызначала іх высокую эфектыўнасць. Заканамерна, што на іх ускладалася актуальная і адказная задача садзейнічаць палітычнаму яднанню рэвалюцыйнага пралетарыяту і сялянства губерні. Уся работа праходзіла пад лозунгам «Няхай жыве саюз сярпа і молата — селяніна і рабочага!» Газета «Путь Советов» за 6 лістапада 1919 года пісала, што ў паветы губерні па лініях Гомель — Калінкавічы, Гомель — Жлобін, Гомель — Унеча і Гомель — Макошына накіроўваюцца 4 дэкараваныя цягнікі, забяспечаныя літаратурай, драматычнымі і літаратурнымі сіламі ў суправаджэнні адказных агітатараў. Гаварылася пра два агітпараходы, абсталяваныя такім жа чынам, якія накіроўваліся ўверх і ўніз па цячэнні ракі Сож з канцовымі пунктамі прыбыцця Шэсціна і Шарпілаўка, і пра вялікую групу агітацыйных павозак для далёкіх воласцяў Гомельскага павета. Раён дзеянняў цягнікоў і параходаў быў абмежаваны чыгуначнымі і воднымі шляхамі, і, каб пранікнуць у далёкія куткі сельскай мясцовасці, патрэбны былі іншыя транспартныя сродкі. Выкарыстаць невялікую колькасць аўтамабіляў, што знаходзіліся на тэрыторыі рэспублікі, неабходных для фронту і народнай гаспадаркі, было б неапраўдана. Таму на Беларусі атрымалі пашырэнне агітпавозкі, ці, як нярэдка іх называлі,— фуры або вазы. Іх паяўленне з кнігамі, плакатамі, музыкай, тэатралізаванымі мініяцюрамі, а часам і з кінафільмамі сярод глухіх беларускіх вёсак, насельніцтва якіх жыло ў пастаяннай нястачы і цемры, было яскравай прыкметай пачатку новага жыцця, часта першым дачыненнем да прафесійнай мастацкай культуры. I зусім зразумела, чаму агітацыйныя павозкі называлі «аддзеламі на роднай асветы ў мініяцюры». Толькі з аднаго Гомеля ў вёскі павета 5 лістапада 1919 года накіраваліся 20 павозак (спачатку планавалася 50). Адпраўка іх адбывалася ва ўрачыстых абставінах, з чырвонымі сцягамі і выступленнямі прамоўцаў. «Як рыштунак,— адзначалася ў друку,— так і адпраўка фур мелі ў вышэйшай ступені значнае відовішча» . Трэба меркаваць, што афармленне рабілася мясцовымі мастацкімі сіламі, выкладчыкамі і навучэнцамі студыі імя М. А. Урубеля, арганізаванай у Гомелі ў 1919 годзе. Прамых пацвярджэнняў гэтаму не знойдзена, але вядома, што ўся іх дзейнасць у першыя паслярэвалюцыйныя гады была сканцэнтравана на агітацыйна-масавым мастацтве і ніводная палітычная кампанія, якая патрабавала адпаведнага афармлення, не абыходзілася без іх удзелу. Пры гэтым неабходна ўлічваць і тое, што аўтарства калектыўных работ у той час мала дзе фіксавалася. Асноўная частка работ выконвалася ў студыйнай графічна-плакатнай майстэрні, якой кіраваў графік і скулыітар А. Быхоўскі, а таксама ў дэкаратыўнай майстэрні (кіраўнікамі яе ў розны час былі А. Душак, А. Марыкс і С. Каўроўскі), дзе распрацоўваліся эскізы роспісаў дэкарацый, макетаў і касцюмаў для ўсялякіх паказаў. Акрамя таго, мноства сцягоў, партрэтаў, лозунгаў, пано і фатаграфій выконвалася ў гарадской жывапіснай майстэрні «Арцель» і ў Працоўнай выяўленчай студыі, якую адкрыла секцыя мастакоў прафесійнага саюза тэатральных работнікаў. Як можна меркаваць па дакументах, у якіх упамінаюцца прозвішчы, найбольш ініцыятыўнымі кіраўнікамі і аўтарамі буйных работ з'яўляліся Ф. Валеро (выпускнік Петраградскай Акадэміі мастацтваў) і А. Быхоўскі. Каб лепш разабрацца ў змесце і метадах функцыянавання рухомых сродкаў агітацыі, жывей пранікнуцца атмасферай таго цяжкага, але гераічнага часу, неабходна хоць бы коратка разгледзець найбольш цікавыя элементы іх творчага арсеналу. Для пачатку спынімся на ўстаноўцы манументальных агітацыйных дошак, якая поруч з адкрыццём помнікаў выступала адной з важнейшых састаўных частак плана манументальнай прапаганды. У Гомелі стеараецца секцыя манументальнай прапаганды, адказнымі за яе прызначаюцца мастакі Ф. Валеро, А. Душак і літаратар Д. Выгодскі. Такая ж секцыя ствараецца і пры Гомельскім аддзяленні РОСТА. Паводле сцвярджэння А. В. Луначарскага, які пабываў у горадзе, нават у Маскве і Петраградзе гэтыя формы агітмастацтва не атрымалі такога шырокага распаўсюджання. Толькі ў паветы (не лічачы Гомеля) агітацыйнымі павозкамі, цягнікамі і іншым транспартам было дастаўлена і ўстаноўлена там да лістапада 1919 года 600 дошак. Гэта вялікая лічба нават для нашага часу. Пры гэтым нельга забываць пра востры недахоп матэрыялаў. Выкарыстоўваліся (на жаль, недаўгавечныя) бляха, фанера, гіпсавыя і алебастравыя пліты. Часам мастакі вымушаны былі звяртацца да самых нечаканых рашэнняў: ужываць, напрыклад, у якасці асновы тоўстае люстэркавае шкло. «Адвазе храбрых спяваем славу!», «Лепшы залог свабоды — вінтоўка ў руках працоўных!», «Далоў тыранаў, прэч кайданы, не трэба рабочым путаў!», «Саюз рабочых і сялян зломіць саюз буржуяў і памешчыкаў!», «Праз бездань і прорву старога мы пабудуем масты і дарогі да трывалага блізкага шчасця ўсіх працоўных», «Мы ўсе работнікі, сяляне — Сусветны рой працаўнікоў — Мець будзем на зямлі ўладанне — А дармаеды прэч! Далоў!» . Гэтыя і падобныя да іх палымяныя лозунгі і заклікі, вобразна пададзеныя, успрымаліся сімваламі нараджэння новага свету. Час не збярог іх, і, акрамя тэксту, эстэтычныя вартасці манументальных дошак застаюцца для нас невядомыя. Аднак бясспрэчна адно: дзякуючы ім у асяроддзе беларускай вёскі прыйшлі праявы мастацкай культуры, прасякнутыя вострапалітычным зместам і захапляльным пафасам рэвалюцыйнай барацьбы. Вялікае месца ў творчым арсенале агітацыйных цягнікоў, параходаў і павозак займала пуб-ліцыстычная графіка Гомельскага аддзялення РОСТА і Гомельскага аддзялення Дзяржвыда. Да розных палітычных кампаній — «Тыдня селяніна», «Тыдня дапамогі фронту», «Дня савецкай прапаганды», да пралетарскіх свят тысячнымі тыражамі выпускаліся палітычныя і сатырычныя плакаты («Вокны сатыры»), лістоўкі і адозвы. Асноўная маса іх прызначалася для паветаў і воласцяў. Так, толькі ў Рагачоўскім павеце да «Тыдня дапамогі фронту» было расклеена каля 3500 экземпляраў заклікаў і плакатаў. Арыгінальным кампазіцыйным вырашэннем, выразнасцю і дынамізмам вылучаюцца плакаты А. Быхоўскага, разлічаныя на масавую аўдыторыю вуліц і плошчаў: «Чырвоны набат. На фронт, добраахвотнікі!», «Першае Мая», «За героямі працы — да светлай будучыні» і іншыя. Вялікая эмацыянальная сіла зыходзіць ад плаката «Чырвоны набат». Экспрэсіўная дынамічная постаць селяніна са звонам — аснова кампазіцыі — напоўнена парывам і нейкай нястрымнай унутранай апантанасцю. Пераканальная рэалістычная трактоўка вобразаў у многіх плакатах А. Быхоўскага спалучаецца з сімвалічнымі элементамі, што было ўласціва агітацыйнай графіцы тых гадоў. У іншым плане вырашаны плакат невядомага аўтара «1917-1920», выпушчаны ГомельРОСТА. Мастак у дзвюх яго частках супастаўляе 1917 год, дзе маленькая фігурка рабочага выступае супраць велізарных і самаўпэўненых Карнілава, Дутава і Каледзіна, і 1920 год з магутнай постаццю рабочага, які выспяткам выкідае Урангеля. Дэкаратыўнасць, спецыфічныя кампазіцыйныя і графіч-ныя прыёмы ў значнай ступені набліжаюць гэты плакат да лубка. Характэрная сваім зместам ілюстраваная лістоўка з адлюстраваннем сейбіта, што распаўсюджвалася па губерні перад сяўбой: «Праца — бацька багацця, зямля — яго маці. Дружнай працай узаром, забарануем, засеем, угноім карміцельку-зямлю! Усе за справу, хто хоча з жабрацкай зрабіць багатай працоўную рэспубліку!» Зразумела, што не ўся публіцыстычная графіка, якая выходзіла ў той час, была аднолькава значнай па сваіх мастацкіх якасцях. Але яна заўсёды несла ў сабе зарад баявой наступальнасці і эмацыянальнай узрушанасці, не пакідала ў спакоі як абаронцаў рэвалюцыйных заваёў, так і іх ворагаў. Незвычайнай формай агітацыі пры дапамозе мастацтва сталі школьныя сшыткі. На каляровых вокладках друкаваліся рэвдлюцыйныя лозунгі і заклікі, партрэты выдатных змагароў за справу рабочых. 30 тысяч такіх агітсшыткаў было размеркавана сярод дзяцей Гомельскай губерні. Напярэдадні 2-ой гадавіны Кастрычніцкай рэвалюцыі вялікім тыражом выйшлі зборнік-альманах «2 гады барацьбы і стварэння», зборнік для чытальнікаў-дэкламатараў «Рэвалюцыя», дзіцячы альманах «Чырвоная сяўба», мноства лістовак і адозваў, звернутых да сялян, рабочых, чырвонаармейцаў, моладзі, жанчын і дзяцей. Разам з выданнямі, што паступалі з цэнтра, яны ўяўлялі сабой адзін з самых шырокіх каналаў масавага пранікнення сродкаў агітацыі ва ўмовах губернскага жыцця. На стаянках агітацыйных цягнікоў, параходаў і павозак выступленні прамоўцаў і дэкламатараў чаргаваліся з музыкай, спевамі, жывымі сцэнічнымі карцінамі, невялікімі спектаклямі, сатырычнымі пародыямі на ворагаў рэвалюцыі. Усё гэта ў канчатковым выніку злівалася ў адзіную праграму мітынгу-канцэрта або мітынгу-спектакля. Цяпер цяжка ўявіць іх канкрэтны рэпертуар і змест. Вядома, што практыкаваліся алегарычныя жывыя карціны, якія паказвалі «Інтэрнацыянал», «Яднанне рабочага класа і сялянства», «Сацыялізм», «Стары і новы свет», сатырычныя інсцэніроўкі-лубкі ў суправаджэнні чытальніка-батлейшчыка (па тыпу народнага відовішчнага паказу) — «Буржуй на грамадскіх работах», «Крах капіталу» і іншыя. Агітканцэрты і агітспектаклі — «Пралетарый», «Напярэдадні», «За волю і праўду», «Зарава рэвалюцыі», «Праца і капітал»,— якія наладжваліся на вуліцах і плошчах, у тэатрах і клубах Гомеля, магчыма, цалкам ці фрагментамі ўваходзілі ў праграмы агітацыйных цягнікоў, параходаў і павозак. Звяртае на сябе ўвагу той знамянальны факт, што болыдасць з іх стваралася мясцовымі творцамі. Так, музычна-вакальныя п'есы «25 кастрычніка», «Новы сцяг», «Леніну» былі напісаны на словы загадчыка Гомельскага губернскага аддзела народнай асветы I. Брыхнічова. Яны прызначаліся для шматлюдных маніфестацый і выконваліся пад адкрытым небам. 3 удзелам I. Брыхнічова распрацоўваліся таксама тэксты адозваў і лозунгаў, надпісаў на манументальных дошках. Вывучаючы тагачасныя матэрыялы, заўсёды адчуваеш захапленне ад атмасферы ўсеагульнага духоўнага ўздыму і грамадзянскага энтузіязму разняволенага народа, ад асаблівага святочнага светаадчування людзей рэвалюцыйнага часу. Гэткім жа па духу было і мастацтва, якое стваралася імі. Яно, можа, не заўсёды адпавядала высокім прафесійным крытэрыям, аднак пазначана настойлівым пошукам, парывам у будучыню. Мастакі самых розных творчых манер імкнуліся знайсці новыя формы для ўвасаблення рэвалюцыйных ідэй і абнаўлення навакольнага свету. Найбольш моцна гэта акрэслілася ў Віцебску, дзе, пачынаючы з 1918 года, групаваліся значныя мастацкія сілы. Тут працавалі Ю. Пэн, М. Дабужынскі, К. Малевіч, Л. Лісіцкі, М. Шагал, М. Суэцін, С. Юдовін, імёны якіх увайшлі ў гісторыю мастацтва XX стагоддзя, многія вядомыя музыканты і акцёры. Вуліцы і плошчы горада ператварліся ў велізарную майстэрню для рэалізацыі іх творчых канцэпцый і вынаходніцкіх эксперыментаў у галіне агітацыйна-масавага і манументальнага мастацтва. Ужо ў 1-ую гадавіну Кастрычніцкай рэвалюцыі ілюмінаваныя і ўпрыгожаныя параходы меркавалася выкарыстаць для святочных вячэрніх прагулак. 1 мая 1919 года адбыліся рэйсы першага віцебскага агітпарахода па Заходняй Дзвіне. Аднак з рухомых агітацыйных сродкаў, што афармляліся ў Віцебску, найбольшую цікавасць маюць агіттрамваі, як з пункту гледжання выкарыстання наватарскіх мастацкіх прыёмаў, так і з пункту гледжання незвычайнасці гэтай з'явы мастацтва ў цэлым. Не выпадкова на выстаўцы мастацтва рэвалюцыйнай эпохі, якая адбылася ў 1967 годзе ў Варшаве, быў прадстаўлены рэканструяваны па уцалелых эскізах адзін з віцебскіх трамваяў. Ён стаяў перад уваходам на выстаўку як галоўны элемент, што вызначаў змест экспазіцыі. Арыгіналы-эскізы роспісу віцебскіх трамваяў зберагаюцца ў Дзяржаўным Рускім музеі і ў Дзяржаўнай Траццякоўскай галерэі. У большасці сваёй яны выкананы навучэнцамі Віцебскіх дзяржаўных свабодных мастацкіх майстэрняў (у 1921 годзе перайменаваных у Віцебскі мастацка-практычны інстытут) і з'яўляюцца спалучэннем лозунгаў, геаметрычных фігур і ліній. Эскізныя падрыхтоўчыя работы ажыццяўляліся ў вучэбнай майстэрні, якой кіраваў К. Малевіч. У 1920 годзе па яго ініцыятыве было створана аб'яднанне мастакоў пад назвай УНОВНС — зацвярджальнікаў новага мастацтва. Праграма аб'яднання ў сваёй аснове мела практычную скіраванасць. Прадугледжвалася распрацоўка новых праектаў архітэктурных збудаванняў, утылітарных прадметаў, арнаментаў, роспісаў, шрыфтоў і г. д. Творчая канцэпцыя аб'яднання грунтавалася на ідэі глабальнага абнаўлення рэчавага свету, у якім жыве чалавек. Пошукі канцэнтраваліся ў галіне гарманізацыі абстрагаваных геаметрычных формаў, доследаў з лініяй, плоскасцю, колерам пры поўным адмаўленні ад увасаблення рэальнай прадметнасці і ігнараванні творчай спадчыны, што абмяжоўвала іх у сваіх магчымасцях і не вызваляла ад супярэчнасцяў і памылак. Роспісы трамваяў размяшчаліся на бакавых паверхнях вагонаў, ніжэй вокнаў, якія ўяўлялі сабой зручныя для работы кампазіцыйна-выцягнутыя па гарызанталі плоскасці. Усе элементы роспісаў зроблены на белым фоне, які ўзмацняе і надае выразнасць колерным геаметрычным сімвалам і шрыфтам. Найбольш удалай у кампазіцыйных адносінах можна лічыць работу навучэнца М. Суэціна. Дынамічны характар усёй кампазіцыі добра спалучаецца з рухам трамвая. Чырвоны паўкруг-сонца ў кутку служыць арганізуючай плямай і зрокавым цэнтрам. 3 яго вырываецца доўгая палоса, якая праходзіць па дыяганалі бакавой плоскасці трамвая. Гэты імклівы рух паўтарае выразны паводле графікі тэкст: «Няхай жыве сусветная рэвалюцыя!» Асобныя элементы літар, пафарбаваныя ў розныя колеры, маюць нечаканыя патаўшчэнш і дадатковыя штрыхі, што надае своеасаблівую рытмічнасць і эмацыянальнасць тэксту, не парушаючы пры гэтым цэласнасці ўспрымання. На прынцыпе спалучэння тэкстаў і геаметрычнай сімволікі пабудаваны кампазіцыі роспісаў і іншых аўтараў — «Уладаром свету будзе праца», «Усё жыццё ў суботнік ператворым»,— якія распрацоўваліся да майскага Усерасійскага суботнiка 1920 года. Як адзначалася ў альманаху «УНОВНС», які выдаваўся ў Віцебску, да 1 мая 1920 года ў горадзе такім чынам былі размаляваны ўсе трамваі . 3 упэўненасцю можна гаварыць пра вялікую агітацыйную сілу лозунгаў і заклікаў, увагу да якіх, нібы гукі барабаннага бою, прыцягвалі рытмічныя «ўдары» яркага лакальнага колеру роспісаў. Гэтыя своеасаблівыя рухомыя лозунгі і заклікі заставаліся на трамваях некалькі гадоў і, паводле ўспамінаў сучаснікаў, вызначаліся выключнай актыўнасцю. Аднак трамваі, з аднымі толькі роспісамі, не маглі прэтэндаваць на вычарпальную паўнату агітацыйнага ўздзеяння. Таму ўлетку 1920 года паводле рашэння губкома РКП(б) быў абсталяваны і аформлены спецыяльны агіттрамвай са штатам прамоўцаў, акцёраў, музыкантаў і чытальнікаў. Ён спыняўся ля базараў, на плошчах і ў іншых шматлюдных мясцінах, дзе пад адкрытым небам выступалі прамоўцы, паказваліся жывыя карціны, разыгрываліся сатырычныя сцэнкі, арганізоўваліся мітынгі-спектаклі. Па ініцыятыве Віцебскага аддзялення РОСТА была абсталявана і аформлена агітацыйная павозка для работы сярод вясковага насельніцтва. Невялікі схематычны малюнак у «Журнале ВитРОСТА» дае пра яе некаторае ўяўленне. Высокі фургон прамавугольнай формы вянчаў надпіс буйнымі літарамі: «РОСТА». Ніжэй па ўсіх сценках размяшчаліся плакаты і роспісы пераважна сатырычнага зместу. Як паведамлялася ў часопісе, агітпавозка вазіла літаратуру, агітатараў, артыстаў. Там знаходзіўся праекцыйны «чарадзейны» ліхтар для дэманстрацыі светлавых газет і «электрыфікаваных агітацыйных слоў» — лозунгаў і заклікаў. Увесь набор агітацыйна-мастацкіх сродкаў, за выключэннем часткі брашур і плакатаў, выдаваўся ў Віцебску. Напрыклад, толькі лозунгаў і адозваў за кароткі прамежак часу (з ліпеня 1919 па студзень 1921 года) Віцебскае аддзяленне РОСТА выдала агульным тыражом каля 50 тысяч экземпляраў. За гэты ж час 25-тысячным тыражом убачылі свет 8 палітычных і 30 сатырычных плакатаў. Частка іх была звернута непасрэдна да сялянства і прызначалася для распаўсюджвання па вёсках розным транспартам, у тым ліку і агітпавозкамі. Былі выпушчаны плакаты, прысвечаныя «Вялікай сяўбе», «Тыдню селяніна», «Тыдню фронту і транспарту», «Тыдню дапамогі хвораму і параненаму чырвонаармейцу», «Тыдню дзіцяці», агіткампаніям «Фронт і тыл — два чырвоныя браты», «Ударны суботнік» і важным рэвалюцыйным датам. Па паветах і вёсках разыходзіліся сатырычныя плакаты ВітРОСТА — «Вокны сатыры». Як і «Вокны сатыры РОСТА», што выпу скалі У. Маякоўскі і М. Чарамных, віцебскія «Вокны» паказвалі ў гратэскавай форме і высмейвалі ворагаў рэвалюцыі, змяшчалі матэрыялы на мясцовыя тэмы ў суправаджэнні «ўдарнага» тэксту паэта-сатырыка, супрацоўніка ВітРОСТА М. Пустыніна. Ростаўская светлавая газета, якую дэманстравала агітпавозка, карысталася вялікай папулярнасцю сярод насельніцтва, найперш з-за арыгінальнай падачы выяўленчага матэрыялу. Адлюстраванні (дыяпазітывы) звычайна маляваліся на прамавугольніках з аконнага шкла. Тэматыка газеты была вельмі разнастайная. Цэлыя нумары знаёмілі з важнейшымі падзеямі ў краіне і рознымі палітычнымі кампаніямі, мясцовымі вытворчымі праблемамі. Яны змяшчалі партрэты лепшых рабочых («светлавыя зводкі працоўнага фронту») і сатырычныя карыкатуры, шаржы на ворагаў Краіны Саветаў («светлавыя «Вокны сатыры»). Малюнкі ўзбагачаліся надпісамі, лозунгамі, вершамі (аўтарам іх быў у асноўным М. Пустынін), дыяграмамі або чаргаваліся з імі. Часта карыкатуры суправаджаліся вусным, жыва складзеным сатырычным райком. Асобныя светлавыя газеты, зробленыя пераважна на мясцовым матэрыяле, прызначаліся для паветаў Віцебскай губерні. Так, да пасяўной, што праводзілася як важная гаспадарча-палітычная і агітацыйная кампанія пад назвай «Вялікая сяўба», ВітРОСТА падрыхтавала серыю такіх газет. Тэатральна-відовішчную частку агітацыйнай праграмы павозкі «РОСТА» складаў рэпертуар віцебскага «Тэрэўсата» — Тэатра рэвалюцыйнай сатыры. Пацвярджэннем гэтаму служыць паведамленне ў друку, што агітпавозка заўсёды несла з сабой у вёску «звонкую, радасную тэрэўсацкую песеньку». «Тэрэўсат» быў створаны ў 1919 годзе па ініцыятыве М. Пустыніна і ўяўляў сабой новую паводле формы і зместу, народжаную рэвалюцыяй з'яву — агітацыйна-прапагандысцкі тэатр мініяцюр. Яго праграма складалася з аднаактовых пастановак, сатырычных сцэнак, куплетаў, пародый, вусных «жывых» газет на самыя надзённыя праблемы дня. «Не адставаць ад рэвалюцыйнага жыцця, фіксаваць яго самыя нязначныя праявы і клікаць масы на новыя подзвігі калектыўнага падзвіжніцтва,— вось лозунг, напісаны на нашым сцягу»5,— гаварылі ростаўцы Віцебскага аддзялення, з удзелам і пад кіраўніцтвам якога праходзіла амаль уся палітычная агітацыя ў горадзе, у тым ліку і «Тэрэўсата». Агітацыйныя цягнікі, параходы і павозкі ў першыя паслярэвалюцыйныя гады адыгралі істотную ролю ва ўмацаванні савецкай улады на месцах, у ідэйна-палітычнай асвеце мас. Перыяд іх выкарыстання заканчваецца разам з грамадзянскай вайной. Сацыялістычная рэканструкцыя народнай гаспадаркі патрабавала іншых форм і метадаў агітацыі і прапаганды ў адпаведнасці з новымі ўмовамі і задачамі. У якасці аператыўнага і мабільнага сродку вырашана было выкарыстаць агітацыйныя самалёты. У 1925 годзе Беларускім Авіяхімам быў куплены першы самалёт, які пераабсталявалі і аформілі для агітацыйных мэтаў пад гарэзлівай назвай «Канёк-гарбунок». Ён рабіў палёты па ўсіх акругах рэспублікі. У 5-ую гадавіну вызвалення Беларусі ад белапалякаў над вёскамі Мінскай, Барысаўскай і Слуцкай акруг раскідвалі лістоўкі і адозвы самалёты Беларускай авіяэскадрыллі. Навізна і відовішчнасць іх палётаў рабілі вялікае ўражанне на жыхароў сельскай мясцовасці. Адначасова практыкаваліся выезды з гарадоў у сельскую мясцовасць дэкараваных плакатамі і лозунгамі аўтамабіляў з агітатарамі, артыстамі, з кінаўстаноўкамі, а таксама груп веласіпедыстаў-агітатараў з літаратурай і лістоўкамі. Ленінская ідэя скіраваць мастацтва на службу агітацыйным мэтам выявіла таксама надзённасць і значнасць у гады Вялікай Айчыннай вайны. Разнастайныя былі формы яе ўвасаблення ў спецыфічных умовах ваеннага часу. Не забыўся і вопыт рухомых агітацыйных сродкаў. 6 лістапада 1942 года ў глыбіні Беларускага Палесся, акупаванага нямецка-фашысцкімі захопнікамі, група партызанаў у гонар 25-ай гадавіны Кастрычніцкай рэвалюцыі адбіла ў ворага эшалон з шаснаццаццю вагонамі і платформамі. На паравозе ўмацавалі чырвоны сцяг з гербам СССР, вагоны ўпрыгожылі шырокімі чырвонымі палотнішчамі з лозунгамі, напісанымі буйнымі літарамі: «Няхай жыве 25-ая гадавіна Вялікай Кастрычніцкай сацыялістычнай рэвалюцыі!», «Бі фашыстаў скрозь і ўсгоды!», «Раздавім фашысцкую гадзіну!»6. Зразумела, што дэкараванне партызанскага цягніка ў параўнанні з агітцягнікамі першых паслярэвалюцыйных гадоў можна назваць сціплым. Аднак нельга забываць, што з'яўленне ў глыбокім тыле нават аднаго чырвонага сцяга было для савецкіх людзей фактарам вялікага значэння. Дзейснасць любога агітацыйнага сродку, усяго, што звязвала людзей з Радзімай, з савецкім ладам жыцця, узрастала ў значнай ступені. А тут быў цэлы агітцягнік! Ён спыняўся ў населеных пунктах, дзе не размяшчаліся фашысцкія гарнізоны. Сотні людзей, убачыўшы чырвонае полымя сцяга і лозунгаў, збягаліся да яго. Выступленні партызанскіх прамоўцаў, якія расказвалі аб становішчы на фронце і перамогах Чырвонай Арміі, натхнялі жыхароў, умацоўвалі веру ў перамогу. Гэта была дэманстрацыя сілы духу савецкага народа і вернасці яго ідэалам сацыялістычнай Радзімы. У наш час традыцыі, народжаныя Кастрычніцкай рэвалюцыяй, багаты вопыт ідэйна-палітычнай і агітацыйна-прапагандысцкай работы сродкамі мастацтва ў першыя гады савецкай улады прыцягвае ўсё большую ўвагу з мэтай творчага выкарыстання іх у практыцы камуністычнага будаўніцтва. Сведчанне таму — стварэнне, напрыклад, групы агітцягнікоў, закліканых працаваць у раёнах вялікіх сучасных новабудоўляў. Выдатная ідэя У. I. Леніна «рушыць наперад мастацтва як агітацыйны сродак» набывае новыя, сучасныя формы, жыве і развіваецца. _____________________________

Путь Советов, 1919, 13 ноября. Дзяржархіў Гомельскай вобл., ф. 60, БОП.1, адз, зах. 1952, лл. 11, 12, 24. Архіў ГТГ, ф. 86/9, адп. зах. 1, с. 34. Журнал ВнтРОСТА, 1921, № 1, с. 15. Тамсама, с. 2. Кодші А. Полссская быль. Правда, 1982, 20 февраля

Добавить комментарий