10 беларускіх плакатаў да 8 сакавіка: жанчына з работніцы ператвараецца ў прыгажуню

08.03.2018
Алена Ляшкевіч

 

Беларуская асацыяцыя журналістаў: https://baj.by/be/analytics/10-belaruskih-plakatau-da-8-sakavika-zhanchy...

08.03.2018 Крыніца: Алена Ляшкевіч для baj.by

Які вобраз жанчыны прачытваецца на плакатах, прысвечанных 8 сакавіка? Ці мяняўся ён з часам? Хто хутчэй рэагаваў на змены ў грамадстве — плакатысты ці журналісты?

Летась мы публікавалі агляд выпускаў беларускай прэсы, што выходзілі каля 8 сакавіка, і спрабавалі прасачыць праз іх, як мянялася рыторыка свята ў часы СССР і незалежнай Беларусі. Сёлета паглядзім на візуальны бок. Параўнаем падборку плакатаў да 8 сакавіка з калекцыі Беларускага саюза дызайнераў з выявамі пра абаронцаў Айчыны, апублікаванай 23 лютага.

Нагадаем, свята 8 сакавіка ўзнікла, па розных версіях, у 1908-м ці 1910-м годзе на Захадзе, у СССР святкавалася з 1920-х у памяць аб пачатку Лютаўскай рэвалюцыі дэманстрацыяй у Петраградзе, а таксама як Міжнародны жаночы дзень. Але свята — не значыць выходны. Непрацоўным днём 8 сакавіка стала ў СССР толькі з 1966 г. Тады ж пачаў паступова сыходзіць палітычны змест дня, і ўжо ў 1980-х 8 сакавіка ўспрымаецца як Дзень жанчын, прыгажосці, вясны… Чаго заўгодна, толькі не свята міжнароднай салідарнасці ў барацьбе за жаночыя правы.

Аўтар: Крэйдзік І. Г. 1967 г.

Аўтар: Крэйдзік І. Г. 1967 г.

 

Даваенных плакатаў захавалася няшмат, па любой тэматыцы. Мала сустракаецца плакатаў, прысвечанных 8 сакавіка, у 1950-х гадах. У калекцыі Беларускага саюза дызайнераў добра прадстаўленыя 1960-я. На плакаце Ігара Крэйдзіка 1967 г. — вобраз жанчыны-працаўніцы: яна і ля станка, яна і на палетках, і будаўніца, і касманаўт… А яшчэ — займаецца спортам, носіць сукенку. І атрымлівае "зямны паклон, пашану, любоў і кветкі". Такім чынам, разам з вобразам жанчыны, што працуе, які мог быць актуальным і ў даваенны час, узнікаюць і асабістыя рысы, абмалёўваецца папулярны ў наступныя гады вобраз жанчыны, якую трэба любіць і віншаваць.

Аўтар: Шматаў В. Ф. 1968 г.

Аўтар: Шматаў В. Ф. 1968 г.

 

На плакаце Віктара Шматава 1968 года — мужчына ў святочных клопатах, з кошыкам кветак. У 1960-х узрос дабрабыт грамадзян СССР агулам і БССР у прыватнасці, таму з’явілася магчымасць пабачыць у жанчыне не толькі працаўніцу, папесціць яе падарункамі. Узрастае роля прыватнай сферы, савецкі чалавек ужо не жыве толькі вытворчымі клопатамі. Па словах супрацоўніка Саюза дызайнераў Паўла Дарохіна, плакаты, створанныя ў 1960-х, адрозніваюцца геаметрызмам, стылізацыяй, пляскатасцю, лаканічнасцю формаў, звядзеннем гамы да некалькіх колераў. Тэндэнцыі захоўваліся ў першай палове 1970-х. Паступова выявы становяцца больш натуралістычнымі.

Аўтар: Радунскі І. І. 1973 г.

Аўтар: Радунскі І. І. 1973 г.

 

Тэндэнцыя пераходу 8 сакавіка з грамадскай у прыватную сферу працягваецца і нарастае ў 1970-я. На плакаце Ізраіля Радунскага 1973 года — жанчына-ўдарніца, кветкі займаюць палову фона і толькі палова прысвечана працы, якая, аднак, застаецца даволі суворай: мы бачым будаўнічы кран, трактар, сталеліцейную печ… Сама жанчына выяўленная ў камбінезоне, але пад ім — блузка з вышыўкай у форме геаметрычнага народнага арнаменту. Пра заняткі па-за вытворчасцю, што з’явіліся ў савецкага грамадзяніна, на іншым плакаце Радунскага кажа цытата Леаніда Брэжнева:

“Вольны час можа лічыцца сапраўдным багаццем, калі ён выкарыстоўваецца ў інтарэсах усебаковага развіцця чалавека”.

Аўтар: Кальмаева Л. М. 1977 г.

Аўтар: Кальмаева Л. М. 1977 г.

 

У вобразе, створанным Людмілай Кальмаевай у 1977-м, ужо няма нічога ад працаўніцы: мы бачым дзяўчыну з касой і кветкамі, у пяшчотнай блузцы з матузкамі. Подпіс паведамляе пра жаночую любоў і ласку і нічога — пра вытворчыя поспехі, удзел у рэвалюцыйнай барацьбе, вайне ці змаганне за правы. Пытанне, ці можна лічыць гэту выяву канчатковай перамогай “жанчыны” над “працаўніцай” у беларускім савецкім плакаце? Заўважым, што Кальмаева нават мужчынскую тэматыку пра абаронцаў айчыны ўмудралася падаць больш “чалавечна” за плакатыстаў-мужчын.

Аўтары: Цэслер У. Я., Малішэўскі С. А. 1984 г.

Аўтары: Цэслер У. Я., Малішэўскі С. А. 1984 г.

 

На плакаце Уладзіміра Цэслера і Сяргея Малішэўскага 1984 г.ода жанчына канчаткова ператвараецца з працаўніцы ў прыгажуню. Праўда, мастакі робяць адсылку да міжнароднага харакатру свята, што на сёння можа падацца і тонкім сцёбам. Выявы зямнога шару сустракаюцца ў сувязі з 8 сакавіка і ў іншых плакатыстаў амаль да канца 1980-х. У гэтым аспекце плакат, як інструмент агітацыі, выступае больш кансерватыўным за СМІ, адкуль згадкі пра міжнародную значнасць 8 сакавіка знікаюць ужо ў 1970-х, саступаючы тэме мацярынства. Дарэчы, гэтая тэма, на дзіва, вельмі мала прадстаўленная на плакатах.

Аўтар: Кальмаева Л. М. 1985 г.

Аўтар: Кальмаева Л. М. 1985 г.

 

1985 год. Зноў Людміла Кальмаева. Прыгажуня ў касцы і з кветкамі. Сцёб? Даніна часу? Рэверанс да ранейшых сэнсаў свята?

Аўтар: Філімонаў В. М. 1987 г.

Аўтар: Філімонаў В. М. 1987 г.

 

1987 год. Ва ўсю ідзе Перабудова. Віктар Філімонаў малюе прыгажуню без аніякіх сувязяў з вытворчасцю, але вырашае дадаць міжнароднага пафасу: на заднім плане — голуб міру.

 Аўтар: Балянок С. В. 1989 г.

Сяргей Балянок малюе кветку (нават без жанчыны) на плакаце 1989 года. У візуальным афармленні, як і ў апісаннях прэсы, 8 сакавіка канчаткова ператварылася ў “кветкава-цукеркавае” свята, “жаночы дзень” без грамадскага складніка. Да таго ж, кветка на плакаце — яўна самаробная, на заднім плане — прылады для творчасці. Хутчэй за ўсё, гэта кшталт “падарункаў маме”, якія дзеці майго пакалення актыўна рабілі ў садках і малодшай школе. Гэта адна з нешматлікіх і няяўных адсылак да тэмы мацярынства ў беларускім плакаце.

Аўтар: Васюк У. У. 1989 г.

Аўтар: Васюк У. У. 1989 г.

 

Цікавую “этнаграфічную” тэндэнцыю ў графіцы адлюстроўвае плакат 1989 года Уладзіміра Васюка, дарэчы, настаўніка Міхала Анемпадыстава. Жанчына ў традыцыйным строі трымае кветкі, але гэта не тыповыя для 8 сакавіка мімозы, а званочкі і коцікі. Апошнія адсылаюць да перадвелікоднай Вербнай нядзелі. Паварот грамадства да нацыянальнага адраджэння і рэлігійнасці не мог прайсці незаўважаны графікамі.

Па словах Паўла Дарохіна, яшчэ ў пачатку 1980-х Васюк разам з Іванам Андрасюком і Уладзімірам Крукоўскім распачалі нацыянальную тэматыку ў плакаце. Савецкасць на такіх выявах спалучаецца з “адраджэнскім” пафасам.

Аўтар: Кірыльчык М., 2016 г.

Аўтар: Кірыльчык М., 2016 г.

 

Марыя Кірыльчык на плакаце 2016 года акцэнтуе апошнія гламурныя тэндэнцыі, камерцыялізацыю свята. Абцасы і ружовае, на мой погляд, успрымаюцца як сцёб і як спроба дэканструкцыі сучаснага сэнсу 8 сакавіка. Мастачка працуе з фемінісцкім дыскурсам, падымае гендэрныя праблемы. Яе іншыя працы прысвечанныя барацьбе з гвалтам супраць жанчын, ракам грудзей і за гендэрную роўнасць. Нягледзячы на ўсю спрэчнасць, з якой гендэрная тэматыка ўспрымаецца ў сучаснай патрыярхальнай Беларусі, фемінісцкі плакат стаў трывалай тэндэнцыяй беларускага мастацтва. У гэтым накірунку працуюць таксама Юлія Галавіна і Юрый Тарэеў.

У параўнанні з вобразам мужчыны, што на плакатах другой паловы ХХ стагоддзя амаль не мяняецца, жанчына выступае ў розных іпастасях: спачатку працаўніцы, прадстаўніцы міжнароднай супольнасці, потым — проста прыгажуні. Савецкія плакаты адлюстроўваюць ідэалагічны складнік святкавання 8 сакавіка больш доўга за СМІ. Апошнія хутчэй рэагуюць на змены ў грамадстве і адгукаюцца на новыя тэндэнцыі.

Добавить комментарий